СТО́ЛІНСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Створаны ў 1954 па ініцыятыве і на базе збораў краязнаўца Б.В.Міралюбава, адкрыты ў 1955 у г. Столін Брэсцкай вобл. Пл. экспазіцыі 206 м², больш за 11,7 тыс. экспанатаў асн. фонду (2002). Мае 4 аддзелы: археалогіі, гісторыі, этнаграфіі, прыроды. Сярод экспанатаў ляпная і ганчарная кераміка, каменная сякера, жал. наканечнікі коп’яў і стрэл, бронзавыя жаночыя ўпрыгожанні, зброя 12—13 ст. з археал. помнікаў Велямічы, Дубай, Рубель, Хотамель і інш., прадметы сял. побыту 19—20 ст., матэрыялы пра дзейнасць падполля і партыз. рух у Вял. Айч. вайну, пасляваеннае развіццё раёна. Аддзел прыроды знаёміць з жыццём буйнейшай у Еўропе калоніі шэрай чаплі, гісторыяй спецыялізаванага балотнага запаведніка, экспанатамі расліннага і жывёльнага свету рэгіёна. У этнагр. аддзеле калекцыі традыц. ганчарнага промыслу, нар. ткацтва, адзення, вышыванак, карціны мясц. мастакоў, вырабы разьбяроў па дрэве, саломапляцення, вязання і макрамэ, калекцыя муз. інструментаў.
З.К.Юхневіч.
т. 15, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)